УМА́Р ХАЯ́М Гіясаддзін Абу-ль-Фатх ібн Ібрахім (18.5.1048, г. Нішапур, Іран — 4.12.1131),
персідскі і таджыкскі паэт і вучоны. Жыў у Самаркандзе, Ісфахане, Бухары і інш. Найвялікшы астраном свайго часу: за 500 гадоў да рэформы папы Грыгорыя XIII ажыццявіў рэформу календара ў выніку шматгадовых назіранняў за зорным небам. Паслядоўнік філасофіі Арыстоцеля і Ібн Сіны. Сусв. вядомасць як паэту прынеслі яму рубаі (чатырохрадкоўі), у якіх свет чалавечых перажыванняў, думы пра жыццё, чалавека і яго веды, глыбокі філас. роздум, пропаведзь дабра і чалавечнасці. Многія рубаі сталі афарызмамі. Аўтар трактатаў на араб. і перс. мовах: матэм. («Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы»), фіз. («Вагі мудрасцей»), філас. («Адказ на тры пытанні», «Трактат пра існаванне»), гіст. («Науруз-намэ»). Збярогся ўрывак «Мелікшахскіх астранамічных табліц» У.Х., напісаных па-арабску. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, С.Грахоўскі.
Тв.:
Бел. пер. — Рубаі. Мн., 1989;
Рус. пер. — Трактаты. М., 1961;
Рубаи. 2 изд. Ташкент, 1983.
Літ.:
Розенфельд Б.А., Юшкевич А.П. Омар Хайям. М., 1965.
І.У.Саламевіч.
т. 16, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)